НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаны гіст. шлях Навагрудка ад стараж. часоў да вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.Міцкевіча, т-ва бел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр. партыз. атрада Бельскага і інш.
Т.Р.Вяршыцкая.
т. 11, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)